Спачатку Сафія мне падалася нейкім унікальным экспанатам у шыкоўным, багатым музэі. Такой перлінай, якую выстаўляюць адну на ўсю вялікую залю. Затым мне падалося, што сабор рухаецца ў бок Дзьвіны. А Дзьвіна — як Млечны Шлях, які адлюстроўвае сотні агнёў у сваёй вадзе — і зоркі, і Месяц, і сьвятло ліхтароў. І Сафія выпраўляецца ў гэты далёкі-далёкі шлях, які нам не ўявіць, не асэнсаваць.