Пілі з каштоўных крышталёвых кубкаў з залатымі налепкамі ў выглядзе звяроў так, каб не ап’янець – Радзівіл Жорсткі дужа не любіў п’яных. І гэта ў той час, калі добрым лічылася, каб госці валіліся пад стол, перацалаваўшыся з келіхам. Ніхто не прамаўляў велягурыстых тостаў, не пілі з чаравічка прыўкраснай дамы... Дый дам за сталом зусім не было – бо Геранім Радзівіл іх таксама не любіў, дакладней, пагарджаў і асцерагаўся “фарбаваных лісіцаў”.